Гісторыя цэнтра

Дзяржаўная ўстанова дадатковай адукацыі "Абласны цэнтр творчасці" – найстарэйшая ўстанова дадатковай адукацыі Магілёўскай вобласці. Гісторыя цэнтра - гэта гісторыя не аднаго пакалення людзей. Яе карані сыходзяць у 30-я гады XX стагоддзя. У той час у Магілёве востра стаяла пытанне аб арганізацыі вольнага часу дзяцей. 14 жніўня 1936 года Магілёўскі гарадскі савет прыняў рашэнне аб перадачы будынка былога РВК на Савецкай плошчы Дому піянераў. 24 чэрвеня 1937 года адбылося яго ўрачыстае адкрыццё. Першым дырэктарам дома піянераў стаў I.I. Астраў. Дом піянераў адразу набыў вялікую папулярнасць у горадзе. У 1937 годзе ў 11 гуртках займалася 483 піянеры. А ўжо ў 1938 годзе культурна-масавай работай было ахоплена больш за 1000 школьнікаў. Створаны аддзелы мастацкага выхавання, тэхнікі, абароннай работы, фізічнай культуры.

У 1943 годзе падчас бамбардзіровак горада будынак Дома піянераў быў цалкам разбураны. І толькі ў снежні 1947 года Дом піянераў зноў пачаў сваю работу па адрасе вуліца Ленінская, 29. Туліліся ў трох пакоях. У першы навучальны год працавалі 4 гурткі, у якіх займаліся прыкладна 180 хлопчыкаў і дзяўчынак. У пасляваенныя гады педагагічным калектывам былі закладзены асновы прыярытэтных напрамкаў работы пазашкольнай установы. Зараджаліся новыя традыцыі, захоўваліся многія старыя. Адкрыты аддзелы мастацкага выхавання, піянерскай і масавай работы, навукі і тэхнікі.

Магілёўскі Дом піянераў праводзіў вялікую метадычную работу з настаўнікамі, старэйшымі важатымі, піянерскім актывам горада. Дом піянераў набываў шырокую вядомасць. Ён быў цэнтрам культурнага і духоўнага жыцця юных магілёўцаў. Дзяцей, якія наведвалі гурткі, стала так шмат, што тры пакоі на Ленінскай ужо не змяшчалі ўсіх жадаючых. Улетку 1956 года Дом піянераў пераязджае ў будынак былога партархіва на Першамайскай (цяпер Магілёўскі абласны тэатр лялек). У 1956 годзе ў 19 гуртках займаліся 740 навучэнцаў. Асабліва паспяхова працавалі два харавыя калектывы, пяць танцавальных груп, інструментальныя класы народных інструментаў. У 1957 годзе быў арганізаваны ансамбль песні і танца, які аб'яднаў да пачатку 1960-х гадоў каля 300 выхаванцаў. Кіраваў ансамблем Р.Я. Шацаў.

У 1968 годзе ансамбль першым сярод дзіцячых калектываў мастацкай самадзейнасці рэспублікі атрымлівае званне "народны", а ў 1970 годзе – званне "ўзорны". У 1960 годзе быў створаны духавы аркестр, якому ў 1978 годзе прысвоена званне "ўзорны". Кіраваў аркестрам Заслужаны работнік культуры БССР Т.М. Гурэвіч.

У 1970 годзе на правым беразе ракі Дубровенкі быў пабудаваны сучасны будынак абласнога Палаца піянераў. Архітэктурны ансамбль складаецца з трох карпусоў: навучальнага (з выставачнай залай і канферэнц залай), тэатральнага (з глядзельнай залай на 650 месцаў), спартыўнага (з плавальным басейнам, гімнастычнай і танцавальнай залай). 1 лістапада 1970 года Дом піянераў стаў называцца палацам піянераў і школьнікаў. Напярэдадні Новага года адбылося яго ўрачыстае адкрыццё.

з 1995 года Палац піянераў і школьнікаў узначальваў Леанід Мікалаевіч Мінаў, выдатнік адукацыі РБ, заслужаны работнік адукацыі РБ.

у 1998 годзе ў выніку аб'яднання Палаца піянераў і школьнікаў з абласным цэнтрам тэхнічнай творчасці і станцыяй юных натуралістаў было створана абласное аб'яднанне па арганізацыі пазашкольнай выхаваўчай работы, якое ў 2001 годзе пераўтворана ў цэнтр пазашкольнай работы. Цэнтр уключаў у сябе тры буйныя структурныя падраздзяленні: палац дзіцячай творчасці, цэнтр тэхнічнай творчасці, Цэнтр экалагічнага выхавання.

У 2011 годзе Цэнтр пазашкольнай работы ператвораны ў абласны цэнтр творчасці. З 2018 года дырэктарам Цэнтра быў Сяргей Барысавіч Іваноў. Са жніўня 2021 года і па цяперашні час Цэнтр узначальвае Ігар Міхайлавіч Аўсеенка.

3 студзеня 2022 года Дзяржаўная ўстанова дадатковай адукацыі "Абласны цэнтр творчасці" была перайменавана ў дзяржаўную ўстанову дадатковай адукацыі "Магілёўскі абласны цэнтр творчасці".